СЯЛЯ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1893—94 у Карэі [у карэйскай гістарыяграфіі Сялянская вайна года Кабо (1894)], адно з найбуйнейшых антыфеад. і антыкаланіяльных выступленняў кар. народа. Гал. яго прычынай стала пагаршэнне становішча насельніцтва (найперш сялянства) пасля нераўнапраўнага япона-кар. Канхваскага дагавора 1876, у выніку якога Карэя абавязана была выплачваць кантрыбуцыі Японіі. Зімой і вясной 1893 сял. выступленні ахапілі паўд. і цэнтр. паветы, але былі задушаны. У студз. 1894 паўстанне аднавілася і набыло арганізаваныя рысы. Да канца мая 1894 паўстанцкая армія заняла 9 паветаў і г. Чанджу. Паўстанцы патрабавалі ад урада раўнамернага размеркавання зямлі і рэформы мясц. самакіравання. У чэрв. 1894 урад звярнуўся па дапамогу да Кітая, які накіраваў у Карэю свае войскі. Японія, выкарыстаўшы гэта як зачэпку, ажыццявілі ў ліп. 1894 у Карэі дзярж. пераварот, паставіла праяпонскі кабінет і развязала япона-кітайскую вайну 1894—95. Гэта ўзмацніла нац.-вызв. рух, да паўстанцаў-сялян далучыліся рамеснікі, гандляры, салдаты, чыноўнікі, збяднелыя дваране і інш. Пасля шэрагу перамог на шляху да Сеула паўстанцкая армія ў ліст.—снеж. 1894 пацярпела паражэнне ад яп. і ўрадавых войск. Разгром паўстання і перамога ў яп.-кіт. вайне аблегчылі Японіі далейшае закабаленне Карэі (пратэктарат у 1905, анексія ў 1910).
Літ.:
Тягай Г.Д. Крестьянское восстание в Корее, 1893—1895. М., 1953.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 15, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)